Уладзімір Рынкевіч. АКВАРЭЛІЗМ. - Мінск. 2012

Акварэль – паўнавартасны від мастацкай дзейнасці з багатай гісторыяй і вялікім, яшчэ далёка нявыкарыстаным, патэнцыялам яе выразных мажлівасцей.

Вадзяныя фарбы шмат стагоддзяў выкарыстоўваліся як даступны і аператыўны выяўленчы сродак, які ў свой час абслугоўваў традыцыйныя і самыя авангардныя кірункі ў мастацтве: імпрэсіянізм, фавізм, абстракцыянізм, кубізм, супрэматызм і іншыя. Сама ж акварэль «ізматычны» характар, набыла не так даўно, у ХХ стагоддзі, калі, набыўшы шырокую папулярнасць і праявіўшы свае магчымасці ў традыцыйным малюнку, накіравалася да відавой самастойнасці. Унікальныя прыродныя ўласцівасці вадзяных фарбаў дазволілі не толькі ўвесці ў мастацкую практыку шэраг новых тэхнічных прыёмаў пісьма, але і выпрацаваць свае спецыфічныя спосабы вобразаўтварэння. «Новае» аказалася добра забытым «старым». Своеасаблівасць вадзянога жывапісу яшчэ тысячагоддзі таму адчулі кітайскія мастакі-філосафы, выкарыстоўваючы яго натуральны прыродны пачатак.

Мастацтва акварэлі, як ніводны іншы від выяўленчай творчасці, набліжана да існых пачаткаў свету: вады, зямлі і паветра. Акварэль па сутнасці сваёй – мастацтва прыроды, якое ствараецца, знікае ў імгненне і разам з тым працягваецца мільёны гадоў. Натуральныя дынамічныя акварэльныя карціны, якія выклікаюць у людзей вобразныя асацыяцыі, мы бясконца можам назіраць у гульні сонечных праменяў і “сляпога” дажджу, у самаадвольных форма- і колераўтварэннях воблакаў на вячэрнім небе, у калейдаскопе рэфлексій начнога горада, якія адлюстроўваюцца на рабізне вады, у павольных рухах водарасцяў у празрыстай плыні, чароўных ранішніх туманах... Нерукатворнымі акварэльнымі карцінамі прыроды ўспрымаюцца распілы каштоўных камянёў, падцёкі мінералаў...

Няголеная рыба. 1996. 62/60 см  (Уласнасць аўтара)

Страница: 1 из 3
www.000webhost.com