Уладзімір Рынкевіч. ШЛЯХАМ ДУХОЎНАГА ЎЗВЫШЭННЯ (Да двухсотгоддзя беларускай прафесійнай графікі). Мастацтва 2004, № 9

 

Мастацтва духоўна па сваёй сутнасці. Гэта справядліва не толькі для сакральнага жывапісу ці графікі святых пісанняў, але і для свецкага мастацтва. Мастак, працуючы па свайму індывідуальнаму разуменню, часцей за ўсё не задумваецца, што менавіта вобраз і падабенства Тварца, ўвасобленыя ў розуме і сумленні чалавека, кіруюць яго спантаннымі душэўнымі рухамі. Духоўнасць ва ўсе часы для хрысціянскага свету з'яўляецца ідэйным стрыжнем мастацкай творчасці, вышэйшым абгрунтаваннем этыкі і маральным крытэрыем ацэнкі мастацкага вобраза.
Графіка – азбука мастацтва. Сімвалічна, што вытокі нацыянальнай графікі зыходзяць з мініяцюр рукапісных ўсходне-славянскіх кніг і гравюр беларускіх старадрукаў. Але з самага свайго нараджэння – дрэаварытаў скарынінскіх выданняў, гравюр П.Мсціслаўца, Т.Макоўскага, М. і В.Вашчанкаў, А. і Л.Тарасевічаў, Г.Лейбовіча і іншых беларускіх гравёраў – друкаваная графіка з нарастаючай сілай прэтэндавала на самастойнае мастацкае значэнне. Калі ў ХVІІІ ст. у Еўропе дзейнасць мастацкіх акадэмій набыла ўжо нямалы вопыт, то ў нашым краі да канца стагоддзя спецыяльных навучальных мастацкіх устаноў практычна не існавала.
Творчасць, нястомная праца душы, неаддзельна ад высокага выканаўчага майстэрства, якое можа быць дасягнута толькі пры спецыяльнай прафесійнай падрыхтоўкі мастака. Таму важнейшым крокам у эвалюцыі нацыянальнага выяўленчага мастацтва было аб'яднанне ў 1798 годзе мастацкай адукацыі і традыцыйнага універсітэтскага навучання ў Віленскім універсітэце – адукацыйна-навуковым цэнтры гістарычнай Літвы. Вызначальнай падзеяй для развіцця графікі ў беларуска-літоўскім краі стала адкрыццё ў 1805 годдзе ва універсітэце на факультэце вольных мастацтваў кафедры гравюры. Менавіта гэты год лагічна лічыць датай нараджэння беларускай прафесійнай, або "вучонай" графікі, які азначыў пераход выяўленчага мастацтва з паў-прафесіянальнай на спецыяльна-адукацыйную аснову. З гэтага часу вылучаюцца графічныя спецыялізацыі мастакоў, а прафесійная эстампная графіка разам з малюнкам распачалі свой няпросты шлях як самастойная галіна выяўленчага мастацтва.
Школа гравюры, якую стварыў ва універсітэце запрошаны з Пецярбургу англічанін Ю.Саўндэрс, падняла прэстыж віленскіх майстроў настолькі, што мясцовыя выдавенцтвы пачалі адмаўляцца ад паслуг пецярбургскіх гравёраў. Традыцыі высокага класіцызму, ўнесеныя прафесарам Ф.Смуглевічам (заснавальнікам кафедры малюнка і жывапіса) і падтрыманыя ў сваёй педагагічнай дзейнасці яго вучнем і прыемнікам Я.Рустэмам, складалі аснову рысавальнага майстэрства мясцовай навучальнай установы. Ва універсітэце была заснавана першая ў беларуска-літоўскім краі літаграфічная майстэрня (амаль адначасова з аналагічнымі літаграфічнымі прадпрыемствамі ў Пецярбургу, Варшаве, Львове, Кіеве). Такім чынам утварылася адметная творчая супольнасць мастакоў, якая ў гісторыі еўрапейскага мастацтва вядома як Віленская мастацкая школа. Значную колькасць яе складалі рысавальшчыкі і гравёры, творчая дзейнасць якіх вызначала развіццё беларуска-літоўскага выяўленчага мастацтва і пасля закрыцця універсітэта (1832) на працягу ўсёй першай паловы ХІХ ст. Сярод іх было шмат ўраджэнцаў беларускіх зямель, або тых, хто пэўны час працаваў у беларускіх губернях, чыя творчасць была цесна звязана з нацыянальнай тэматыкай (Я.Дамель, М.Падалінскі, Г.Кіслінг, В.Славецкі, Х.Главацкі, В.Ваньковіч, К.Русецкі, Ю.Азямблоўскі, М.Пшыбыльскі, Т.Лукашэвіч, К.Рыпінскі, К.Бахматовіч, М.Кулеша і многія інш.). Некаторыя з выхаванцаў віленскай школы ўдасканальвалі майстэрства ў мастацкіх акадэміях Пецярбурга і Заходняй Еўропы.  Эстампы, прасякнутыя адухоўленасцю партрэтных, жанравых і пейзажных вобразаў разам з жывапіснымі карцінамі беларускіх мастакоў (не ў апошнюю чаргу дзякуючы рэпрадукцыйнай графіцы) набылі шырокую вядомасць і тым самым зрабілі заяўку на далучэнне лепшых дасягненняў беларуска-літоўскага мастацтва да здабыткаў еўрапейскай выяўленчай культуры. Наступны ўздым беларускай станковай графікі, падобны гэтаму, адбыўся толькі больш чым праз сто год, ужо ў другой палове ХХ ст.
Духоўнае святло мастацкай творчасці не згасла і ў неверагодна цяжкі перыяд сацыяльнага і нацыянальнага ўціску другой паловы ХІХ ст., калі беларускае выяўленчае мастацтва спазнала заняпад. Аб станковай графіцы гэтага перыяду можна гаварыць з пэўнай доляй умоўнасці, абапіраючыся на творчасць асобных мастакоў, якіх у Польшчы называлі "крэсавымі", у Расіі – палякамі, ці літоўцамі. Самі мастакі, ўраджэнцы этнічных беларускіх зямель, часта не знаходзячы магчымасцей рэалізаваць свой талент на радзіме, пазбаўленыя права размаўляць на роднай мове, падпісвалі свае аркушы на польскай, рускай, або на французскай мовах. З праяўленнем нацыянальнай адметнасці ў літаратуры, актывізацыяй краязнаўчых і этнагарафічных даследаванняў, ў глыбіні душы мастакоў абуджалася нацыянальная самасвядомасць, якая, напрыклад, дазволіла знакамітаму рускаму скульптару і графіку з годнасцю падпісацца пад сваім малюнкам: "Изобразил белорус М.Микешин".  З гэтага часу да нас дайшлі нямногія альбомная выданні друкаванай графікі, арыгінальныя малюнкі, дзе гістарычныя і жанравыя кампазіцыі, тыпажы прасталюдзінаў, чаргуюцца з біблейскімі сцэнамі, відамі прыроды і помнікамі старажытнай беларускай архітэктуры. Тым больш уражвае моц духа беларускага народа, калі нават у такіх цяжкіх сацыяльных ўмовах прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі змаглі праявіць свой талент, стаць знанымі ва ўсходне-славянскай культурнай прасторы мастакамі, дзеячамі культуры і навукі (сярод мастакоў – Н.Орда, М.Мікешын, А.Ромер, Ф.Рушчыц, С.Заранка, К.Каганец і інш.).

 

Г.Лейбовіч. 1751

 

М.Падалінскі. Саюз 1815 год. 1818

pic_left 

К.Бахматовіч. Жанравыя сцэны. Вільна. 1836

 

А.Ромер. Вызваленыя.1864

Страница: 1 из 4