Беларуская графіка

ХХ стагоддзе стала для беларускага графічнага мастацтва часам выпрабавання духоўнай трываласці. На новым гістарычным этапе беларускай графіцы было прызначана спазнаць светлыя спадзяванні на станоўчыя перамены, глыбокія расчараванні і сапраўдныя ўзлёты творчай думкі. Глабальныя сацыяльныя катастрофы ХХ ст. абвастрылі трагедыйную састаўляючую эвалюцыі нацыянальнай культуры і шмат у чым вызначылі характар і дынаміку развіцця, а па сутнасці другога нараджэння беларускай прафесійнай графікі.
Спадзяванню эстэтыкаў рускага філасофскага рэнесансу, што "мастацкая творчасць не павінна быць падпарадкавана знешнім для яе нормам – маральным, грамадскім, ці рэлігійным"  суджана было застацца нязбыўнай марай. Разняволенасць духу, якую, як здавалася, прынесла сацыялістычная рэвалюцыя, для мастацкай творчасці аказалася фікцыяй. Шматабяцаючае на пачатаку 1920-ых гадоў абуджэнне творчай актыўнасці, найперш ў графіцы (М.Шагал, Э.Лісіцкі, К.Малевіч, А.Брайзер, М.Эндэ, Ф.Фогт, С.Юдовін), і хваля нацыянальнага адраджэння на справе аказаліся караткачасовымі бліскавіцамі беларускай культуры. Больш чым паў-стагоддзя беларускай графіцы было прызначана развівацца ў плыні агульных тэндэнцый шматнацыянальнага савецкага мастацтва (са сваімі плюсамі і мінусамі), ва ўмовах штучнай ізаляцыі ад асноўных кірункаў развіцця сусветнага мастацтва. Ідэалагічная прапаганда стала асноўнай рысай і крытэрыем адбору выставачных твораў графікі. Важдзізм і рэвалюцыйны фанатызм выцеснілі са станковага мастацтва душэўнасць чалавечых адносін. Марксістска-ленінская ідэалогія абмежавала творчую дзейнасць выпрацаванымі адносінамі да чалавека як "дзейнай істоты", сутнасць якой вызначалася "функцыямі класавага становішча, якое фактычна вычэрпвала шматмернасць унутранага свету індывіда".  Маладое пакаленне творцаў паступова адаптавалася да жыцця па закону дваістай маралі, падзяляючы мастацтва на афіцыйнае і тое, што прызначалася "для душы". Мабыць таму ў гады таталітарызму мастацтва не страціла свайго асноўнага стрыжня – духоўнасці. Не агітацыйныя плакаты і пампезныя кампазіцыі трыўмфальных перамог, а творы малых жанраў – псіхалагічны партрэт, гістарычны і лірычны пейзаж (В.Волкаў, Я.Драздовіч, М.Філіповіч, А.Астаповіч, Я.Мінін, Г.Змудзінскі, А.Тычына, Л.Лейтман, М.Тарасікаў, З.Гарбавец і інш.), вызначылі тую сюжэтна-вобразную сферу графічнага мастацтва, дзе знаходзілі духоўнае паразуменне творца і глядач.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны духоўна аздаравіла беларускае мастацтва, звярнула творцаў да асэнсавання сапраўдных каштоўнасцей жыцця, да выяўлення духоўнай крыніцы, якая сілкавала перамогу дабра над злом. Крыкам душы адбіліся ў гісторыі мастацтва дакументальныя натурныя замалёўкі актаў зверства фашыстаў, створаныя воінамі-мастакамі на фронце і ў партызанскіх атрадах (М.Абрыньба, Г.Бржазоўскі, М.Гуціеў, І.Давідовіч, А.Каржанеўскі, Я.Красоўскі і інш.). Творы, адухоўленыя ідэяй самаахвярнасці дзеля шчаслівай будучыні нашчадкаў і аптымізмам адраджэння мірнага жыцця, склалі графічную хроніку пасляваенных дзесяцігоддзяў (М.Бельскі, А.Волкаў, А.Тычына, Б.Малкін, С.Герус, Л.Ран, С.Раманаў). Пазней, у 1960-ыя – 70-ыя гады, тэма вайны атрымала ў графіцы вобразна-сімвалічнае асэнсаванне, дзе духоўнасць набыла больш шырокае абагульняючае значэнне. Ваенная тэматыка ў графіцы і жывапісе (таксама як і ў літаратуры, кінематографе) стала адным з галоўных тэматычных кірункаў і ў значнай ступені вызначыла стылёва-вобразную адметнасць нацыянальнага выяўленчага мастацтва другой паловы ХХ ст. Але і ў гэтай тэматыцы было нямала перацягнутых з даваеннага часу пампезных кампазіцый, якія падмянялі сапраўдную крыніцу перамогі – сілу духа і свабодалюбства нашага народа, геніяльнасцю правадыроў і адданасцю камуністычным ідэям.
Духоўны ўздым і эмацыянальна-патрыятычны настрой пасляваеннага аднаўлення жыцця станоўчымі зменамі адбіўся ў творах арыгінальнай графікі (малюнак-карціна, акварэль, манатыпія). Тыражная графіка, для якой патрабавалася вытворчая база і спецыяльная падрыхтоўка мастакоў, толькі зараджалася. Таму не без падстаў, марачы аб "прылучэнні савецкіх мастакоў да перадавых ідэй сусветнага мастацтва", мастак М.Тарасікаў з жалем канстатаваў: "У нас няма станковай графікі". 
Рэнесансам беларускай станковай графікі можна назваць перыяд 1960-ых –1980-ых., які значна ўзбагаціў духоўную састаўляючую нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Менавіта ў тагачасных спрыяльных сацыяльна-эканамічных ўмовах стала магчымым адраджэнне амаль ўсіх відаў эстампа і вобразнае ўвасабленне ідэй, якія раней былі "закрытымі". У мастацкае жыццё моцнай плынню пачалі ўлівацца нацыянальныя кадры прафесійных графікаў – выхаванцаў Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (з 1991 года Нацыянальная акадэмія мастацтваў), утвараюцца лакальныя мастацкія школы. Узнаўленне культурна-гістарычных сувязяў, пераемнасць традыцый некалькіх пакаленняў беларускіх мастакоў садзейнічалі фарміраванню сукупнасці стылёвых і ідэйна-вобразных якасцяў беларускага графічнага мастацтва, што ў выніку правяло да стварэння нацыянальнай школы графікі. На арэне традыцыйнай для савецкага часу чырвонадатаўскай цыклічнасці выставачнай дзейнасці вылучыліся дзве асноўныя тэматычна-вобразныя плыні: індустрыялізацыя – параджэнне культуры тэхнагеннай цывілізацыі, і культурна-гістарычная спадчына. Калі першая акрамя даніны існуючай ідэалогіі, часта мяжуючыся з бездухоўнасцю, была для мастакоў палігонам тэхнічных эксперыментаў (асабліва ў акварэлі і лінагравюры), то другая адкрыла вялікія магчымасць для духоўнага самаўдасканальвання творцаў.
 

 

 

М. Сеўрук. Вяртанне с працы. 1938

 

М. Дучыц. Дом з усходам.

 

З. М. Гарбавец. Партрэт вучонага агранома-заатэхніка У. І. Авітоўскага. 1927

 

Я.Красоўскі. Спаленая вёска. 1943

Страница: 2 из 4