Беларуская графіка

Бяспрэчна, што адухоўленасць мастацтва кожнага народа мае нацыянальны каларыт. Захаванню нацыянальнага характара беларускае выяўленчае мастацтва абавязана традыцыйнай народнай творчасці. Пошук "нацыянальнага стылю" у прафесійным мастацтве, актывізацыя якога на пачатку ХХ ст. звязана з кніжна-газетнай і станковай графікай, адбываўся ў мутным віру калізіі "пралетарскага па зместу і нацыянальнага па форме", "нацыянальнага і інтэрнацыянальнага…" мастацтва "сацыялістычнага рэалізма". Новые паняцце "нацыянальнага" як "выраза духоўнай энергетыкі этнасу" , сфарміравалася ўжо ў наш час. У сваіх лепшых графічных аркушах А.Кашкурэвіч, Г.Паплаўскі, В.Шаранговіч, У. і М. Басалыгі, Л.Асецкі, А.Лось, А.Паслядовіч, Л.Марчанка, Я.Кулік і многія іншыя беларускія графікі ў разуменні духоўнага жыцця, змаглі падняцца ў вобразным асэнсаванні нацыянальнай ідэі вышэй за адлюстраванне вонкавых атрыбутаў фальклору.
Актуальная на пачатку ХХ ст. філасофская думка, што "мастацтва ўвогуле ёсць галіна ўвасаблення ідэй", а не прымітыўнага адлюстравання рэчаіснасці, што яно "ў сваёй канчатковай задачы павінна ўвасобіць абсалютны ідэал не ў адным ўяўленні, а і на справе – павінна духастварыць, ажыццявіць наша рэальнае жыццё",  зноў набыла актуальнасць ў пераломны момант навейшай гісторыі Беларусі. З развянчаннем камуністычнай ідэалогіі і адмаўленнем ад тэндэнцыйнасці савецкага мастацтва ў сферы эстэтычнай творчасці ўтваралася "свабода", якая часова дэзарэнтавала мастакоў і падштурхнула іх да пошукаў новага "гаспадара" ў камерцыйнай ці палітычнай сферах. Станковая графіка (у адрозненні ад графічнага дызайна), у большай ступені чым іншыя віды выяўленчага мастацтва, у які ўжо раз на радзіме аказалася незапатрабаванай. Стварыліся спрыяльныя ўмовы для распаўсюджання ў сацыяльнай свядомасці сродкамі бездухоўнага мастацтва культу нізкіх інстынктаў. Асэнсаванне высокага прызначэння творцы і таго, што не ўсе сродкі апраўдваюцца выжываннем і не ў любой якасці мастацтва вядзе Homo sapiens да духоўнага ўдасканалення, прыходзіла не адразу.
Мастацтва – аўтарскі роздум, філасофія, нават рэлігія ў шырокім сэнсе слова. Гэтая якасць станковай графікі асабліва выразна праявілася ў творчасці мастакоў, якія сёння ўвайшлі ў перыяд творчай сталасці – пакаленне мастакоў пасляваенных гадоў нараджэння (У.Савіч, В.Славук, Р.Сітніца, Л.Алімаў, Ю.Якавенка і многія інш.). Станаўленне іх творчых індывідуальнасцеў і фарміраванне сацыяльнай свядомасці азначылася не толькі эканамічным прагрэсам, але і трагічнымі падзеямі афганскай вайны, чарнобыльскай катастрофай, урэшце, распадам СССР. Перад мастакамі паўстала неабходнасць самастойна пераасэнсаваць стэрыятыпы савецкага часу, напоўніць ісціным зместам катэгорыі "дабра", "зла", "сумлення", "прыгажосці". Складанаму творчаму працэсу і не заўсёды пераканаўчым вынікам эксперыментаў яшчэ належыць даць мастацказнаўчую ацэнку. Але найбольш значнае дасягненне беларускай графікі пастсавецкага перыяду можна азначыць ужо зараз. Яно ў творчым асэнсаванні, што не соцыум і не дзяржыўныя ідэалогіі з'яўляюцца апошнімі інстанцыямі ў вызначэнні ісцінай каштоўнасці жыцця і ідэалаў прыгажосці. Мастацтва перастае быць каньюнктурным. Важна не толькі асэнсаванне сваёй прыналежнасці да пэўнага этнасу, веданне гістарычных каранёў, барацьба за свабоду і росквіт сваёй краіны, але і адчуванне сябе часцінкай Космасу ў яго мікра- і макра- вымярэннях. Мабыць глабалізм мыслення як ніколі раней зблізіў прасторава-часавыя палюсы вобразнага дыяпазону творчасці: персаналізм і касмізс, архаічнасць і сучаснасць. "Чалавек – касмічная істота", – празорліва сцвярджаў стагоддзе таму рускі філосаф М.Бярдзяеў. Пасціжэнне Вечнай гармоніі Светабудовы вызначае сэнс і якасць творчасці.
Творчы працэс няспынны. Заявіла аб сабе і ўжо зацвярджае свае творчыя пазіцыі новае пакаленне графікаў (Ю.Алісіевіч, А.Басалыга, Л.Журавовіч, П.Татарнікаў, В.Шоба, і інш.). Менавіта ім належыць вызначыць эстэтыку графічнага мастацтва і ўвасобіць у вобразах маральныя ідэалы грамадства пачатку новага тысячагоддзя. Разам з вытанчанасцю вобразнай задумкі, прытэнзіяй на маштабнасць ідэі, смелымі эксперыментамі з выяўленчымі сродкамі графікі творчасць маладых не пазбаўлена павярхоўнага декаратывізму, блытанай філасафічнасці, салоннасці. Каб разабрацца ў хаосе ідэй і форм, не спакусіцца на дробнае, нязначнае для мастака вельмі важна трымаць галоўны арыенцір творчасці. Аб гэтым добра сказаў хрысціянскі прапаведнік Аляксандр Мень: "Творчасць разнастайна, але галоўнае – стварэнне свайго духа. Гэта – вечная творчасць. Тое, што напісана на палатне – толькі знак таго, што адбылося ў нас у сэрцы."
Юбілейная дата беларускай прафесійнай графікі – падстава звярнуцца да гісторыі нашай культурнай спадчыны. У ёй мы шукаем кропку апоры, якая патрэбна для маральнага аздараўлення і ўзмужання нацыянальнага мастацтва. Каб нашы душы не ачарсцвелі, трэба вярнуць ім традыцыйныя духоўныя каштоўнасці, узрадзіць веру ў вышэйшую справядлівасць і давер да мастацтва.
 

 

У. Савіч Час чырвонага быка.

 

В. Славук. Сляпыя.

 

Л. Асецкі. Замкнёнасць круга. 1994

У. Рынкевіч. Танец пярфокусаў. 1994

Страница: 3 из 4